АЭРАЗО́ЛЬНАЯ КАТАСТРО́ФА,
рэзкае павелічэнне колькасці аэразоляў у атмасферы, якое можа адбыцца ў выніку прыродных (напр., пры вывяржэнні вулканаў) або штучных (напр., пры буйных ядз. катастрофах) з’яў і суправаджаецца выключнымі па маштабах і адмоўных наступствах парушэннямі экалагічнай раўнавагі ў прыродных сістэмах. Паняцце «аэразольная катастрофа» ўведзена сав. вучоным-геафізікам М.І.Будыкам (1969). Утварэнне ў атмасферы вял. аэразольных зонаў вядзе да рэзкага зніжэння празрыстасці атмасферы і колькасці сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі. Гэта выклікае моцнае пахаладанне і вымярзанне расліннасці на вял. тэрыторыях, масавую гібель жывёл, людзей. Мяркуюць, што аэразольныя катастрофы ўзнікалі на працягу многіх мінулых геал. перыядаў, лічаць, што яны патэнцыяльна магчымыя і ў выпадку ядз. вайны (гл. «Ядзерная зіма»).
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)